ІЗРА́ІЛЬСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава (каля 928—722 да н.э.) у Паўн. Палесціне. Узнікла пасля распаду адзінага Ізраільска-Іудзейскага царства і аб’ядноўвала 10 з 12 ізраільска-іудзейскіх плямён. Першы цар — Іераваам I [928—907 да н.э.]. Сталіцы — г. Сіхем (сучасны Наблус), пасля 876 да н.э. — Самарыя. Аснова эканомікі — земляробства, рамёствы і гандаль (праз Палесціну праходзілі шляхі міжнар. гандлю). Падтрымлівала эканам. і культ. сувязі з Фінікіяй, Егіптам і інш. краінамі. Бесперапынныя войны з суседзямі, у т.л. з Іудзейскім царствам, аслаблялі дзяржаву. Найб. трывалае становішча І.ц. было пры цару Омры [882—871 да н.э.] і яго пераемніках у 871—842 да н.э. Цар Йеху [841—814 да н.э.] быў вымушаны плаціць даніну Асірыі. У 722 да н.э. заваявана асірыйскім царом Сарганам II.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)